Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату,
Да суседзяў-народаў павагу.
Знае свет навакольны яго прамату,
І любоў да жыцця, і адвагу.
І заўсёды ў віхурах вякоў і нягод,
У зямной непагодзе суровай,
Вылучала між іншых мой мужны народ
Беларуская родная мова.
Мой народ зберагае сваю даўніну.
Кожны нашай гісторыі знаўца
Добрым словам успомніць на раз Скарыну
І пахваліць за мудрасць Мсціслаўца.
Каліноўскага імя навокал гучыць,
І Купалы, і Коласа слова.
Навучыла іх край беларускі любіць
Беларуская родная мова. *
Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх
І гучы вечна, ярка і нова
Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх –
Беларуская родная мова!
|